Сялец (Sielec) – былы маёнтак шляхецкіх радоў Радзівілаў, Сапегаў і Замойскіх на тэрыторыі колішняга Пружанскага павету, на Палессі.
Да 1521 року маёнтак Сялец належыў роду Вяшторт-Гамшэяў (Wiesztort Homszej), гаспадарамі тут былі Станіслаў і Соф’я Вяшторт-Гамшэі.
У сярэдзіне XVI ст., пры каралеве Боне, тут быў збудаваны замак, які называлі Сялецкім Палацам, а таксама новая рымска-каталіцкая эклэзія і кальвінскі храм.
У 1555 року Бона перадае маёнтак Сялец з зямельнымі надзеламі Станіславу Фальчэўскаму (Stanisław Falczewski) – старасьце Кобрынскаму.
У 1570-м па загаду караля Жыгімонта I Сялец пераходзіць прадстаўнікам найбуйнейшага ў Вялікім Княстве Літоўскім магнацкага роду – Радзівілам.
Гаспадарамі тут былі Крыштап Радзівіл (Krzysztof Radziwiłł) [1585-1640] і Ганна з Кішкаў (Anna Kiszka) [1587-1642].
[Dokument] Janusz Radziwiłł do króla Zygmunta III] (Sielec 02.04.1607)
Пры Радзівілах у Сяльцы быў пабудаваны новы Кальвінскі збор.
Пасьля, сярод уладальнікаў Сяльца былі дзеці Крыштапа Радзівіла – сын Януш Радзівіл (Janusz Radziwiłł) [1612-1655] – гетман вялікі літоўскі, і дачка Кацярына Радзівіл (Katarzyna Radziwiłł) [1614-1674].
Пасьля сьмерці гетмана Вяліка-Літоўскага Януша Радзівіла Малодшага (Janusz Radziwił) [1612-1655], у часе войнаў з Сапегамі, труна з ягоным целам была перавезена ў Сялец і некаторы час захоўвалася там, магчыма ў тым самым Кальвінскім зборы.
Кацярына Радзівіл пабралася шлюбам з Юрыем Каролем Глебовічам (Jerzy Karol Hlebowicz) і ў якасьці пасагу маёнтак Сялец на непрацяглы час перайшоў да роду Глебовічаў. У сваю чаргу ў іх нарадзілася 2 дачкі, адная з іх Крыстына Барбара Хлебовіч (Krystyna Barbara Hlebowicz) [1647-1695] пабралася шлюбам з у 1667 року з Казімірам Янам Сапегаю (Kazimierz Jan Sapieha) і такім чынам маёнтак перайшоў да іншага магнацкага роду Сапегаў.
У 1698 року гетман вялікі лістоўскі Казімір Ян Сапега пакідае ў часовае карыстанне Сялец у карыстанне Гарадзенскаму маршалку Стэфану Александровічу (Stefan Aleksandrowicz).
Пасьля сьмерці Казіміра Яна Сапегі, Сялец па спадчыне перайшоў ягонаму сыну Аляксандру Павалу Сапеге (Aleksander Paweł Sapieha) [1672-1734].
У 1717-м, па разрухах і спусташэннях у часе войнаў, па загаду маршалка вялікага лістоўскага Аляксандра Павала Сапегі, Сялец становіцца часткаю маёмасьці Кляштару Ордэну Катэзіянцаў у Бярозе-Картузскай, пад заклад у 3240 талараў, будаўніцтва якога фундаваў Леў Сапега. І ў тым жа 1717 року Аляксандр Павал Сапега часова аддае Сялец прадстаўнікам роду Брадоўскім, стольнікам Віскім, Станіславу (Stanisław Brodowski) і Анне (Anna Brodowska).
У 1730-м Аляксандр Павал Сапега разам з сынамі пазычаюць 26 000 злотых ад Віктара Вразоўскага (Wiktor Brzozowski) і ягонае жонкі Анэлі Адахоўскай (Aniela Odachowska), і аддаюць у карыстанне на 2 рокі Сялец разам з фальваркамі Каўшчына і Багуслаўцы.
Пасьля ўладальнікам Сяльца быў сын Аляксандра Павала Сапегі – Казімір Леон Сапега (Kazimierz Leon Sapieha) [1697-1738], а ў наступстве, па дадзеным на 1775 рок, ягоны сын Аляксандр Міхал Сапега (Aleksander Michał Sapieha) [1730-1793] – падскарбі дворны Вялікі Літоўскі ў 1750-1754, ваявода полацкі ў 1754-1775, гетман польны ВКЛ у 1762-1775, канцлер Вялікі Літоўскі 1775-1793.
Належала яму мястэчка Сялец разам з 99 хрысьціянскімі дамамі і 25 дамамі жыдоўскімі. Разам з тым належыла яму 10 дамоў у Агародніках, 64 у Сашыцы, 7 у Зубачах, 58 у Плахава, 27 у Варажбітах, 35 у Нарутовічах, 36 у Аніцэвічах, 44 у Осаўцах, 9 у Сілоўшчыне, 4 у Марможава, 18 у Ясевічах, 7 у Панасевічах, 31 у Бортнавічах, 15 у Міхновічах, 9 у Давідавічах, 43 у Скорцах, 2 у Рагачах, 20 у Пінянах, усіх агулам 565 дамоў.
У 1793 року ўладальнікам мястэчка Сялец быў сын Аляксандра Міхала – Францішак Сапега (Franciszek Sapieha) [1772-1829] – вялікалітоўскі дзяржаўны, генэрал артылерыі, удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання пад кіраўніцтвам Тадэуша Касцюшкі ў 1794 року.
Ягоны сын Яўстах Каятан Сапега [1797-1860] браў удзел у паўстанню 1830-1831 рокаў супраць Расейскага панавання, па задушэнню паўстання эмігруе ў Францыю. Маёнтак пераходзіць да ягонае сястры – Анэлі (Aniela Sapieha) [1801-1855].
У 1857 року на агульным сходзе дэпартаментаў сенату было прынята рашэнне аб аднаўленні шляхцічам маёнтка Сялец правоў на валоданне ранешнімі зямельнымі тэрыторыямі, межы якіх былі парушаныя спадчыннікамі князёў Радзівілаў.
Анэля Сапега пабралася шлюбам з Канстантынам Замойскім (Konstanty Zamojski) і з таго моманту гэта маёмасьць Замойскіх.
З 1859 року і да самой сьмерці гаспадаром тут быў ейны сын граф Юзэф Замойскі (Józef Zamojski) [1835-1878].
Пасьля анты-расейскага паўстання 1863-1864 рокаў, у перыяд з 15 красавіка 1866-га па 17 кастрычніка 1874-га, частка зямельных надзелаў маёнтка Сялец, што належыў Замойскаму (расейскія ініцыялы О.К.), была выкупленая часоваабавязанымі сялянамі.
А ў 1879-м ва ўласныя правы ўступіў Зігмунт Гольч (Zygmunt Golcz). З таго моманту і да першае сусветнае вайны менавіта Зігмунт Гольч – з’яўляўся самым буйным землеўладальнікам Пружанскага павету.
Апошнімі ўладальнікамі Сяльца, у 1920-30-х, былі прадстаўнікі шляхецкага роду Ротаў.
Па інфармацыі на 1931 рок, зямельныя Сялецкія надзелы належылі Марыі (Maria Roth), Канстантыну (Konstanty Roth), Віктару (Wiktor Roth) і Яўгену (Eugenjusz Roth).
Сярод буйных землеўладальнікаў Сяльца ў 1933 року па банкаўскім паперам пералічваюцца нейкі Юзэф Юраў (Józef Juroff) з 1237 гектарамі зямлі (w tem na likwdację serwitutu 298,06 ha) і Мечыслаў Альбіноўскі (Mieczysław Albinoiwski) са 171 га зямлі.
Krynicy:
Фёдор Покровский, Археологическая карта Гродненской губернии. Вильна, 1895 год, стр. 132
Mikołaj Rozanow – „Powiat Prużański (Szkic Historyczny)” 1935 rok, str. 75-84
P.Sz.Towpik – Szlachta traktu pruzanskiego posiadajaca poddanych, wedlug spisu podymnego dla woj. brzeskiego litewskiego z 1775 r.
Л. Несцярчук “Замкi, палацы, паркi Берасцейшчыны” 2002, стр. 91-92
www.muzeumzamoyskich.pl
www.wbc.poznan.pl
pl.wikipedia.org
pther.net
Poleski Dziennik Wojewódzki. 1931, nr 14, str. 342-343
www.geni.com
Eustachy Sapieha, Dom Sapieżyński, Warszawa, Państw. Wydawn. Nauk. PWN, 1995 rok, str. 684-685
rgia.su
Wieczorny Kurjer Grodzieński 1933.10.21 R.2 Nr288, str. 1
Pingback-адсылка: Паўстанцы 1830-1831 з Пружаншчыны | Pružana
Pingback-адсылка: Сьпіс уладальнікаў маёнткаў па 1863 року | Pružana
Pingback-адсылка: Сьпіс уладальнікаў маёнткаў з 1880-х | Pružana
Pingback-адсылка: Сьпіс Пружаскае шляхты 1775 року | Pružana
Pingback-адсылка: Сялецкі кальвінскі збор | Pružana